Кнігадрукарства

 

Узда разам з Кухцічамі пад канец XV стагоддзя належала да дысідэнцкага роду Кавячынскіх, якія пабудавалі  ў сваім маёнтку кальвінскі эбор. Аднак потым род Кавячынскіх вярнуўся да каталіцызму, і Крыштоф Кавячынскі замяніў збор на каталіцкую капніцу. Род Кавячынскіх цесна звязаны з распаўсюджваннем асветы і кнігадрукавання на Беларусі, з дзейнасцю паслядоўніка Ф. Скарыны – Сымона Буднага. У1562 годзе Сымон Будны сумесна з нясвіжскім старостам Мацеем Кавячынскім і яго братамі, а таксама з кальвінісцкім прапаведнікам Лаўрэнціем Крышкоўскім заснавалі ў Нясвіжы першую на Беларусі друкарню. У гэтым годзе тут выдадзена першая друкаваная на тэрыторыі Беларусі кніга “Катэхізіс”, “то ест наука стародавняя христианская от светого писма, для простых людей языка русского, в пытаниях и отказах собрана”. За некалькі гадоў Мацей Кавячынскі і Сымон Будны надрукавалі шэраг кніг. Яны пачалі работу па перакладу з лацінскай мовы і выданню на беларускай мове Бібліі. Але давесці яе да канца ў Нясвіжы ім не ўдалося, бо Крыштоф Радзівіл, уладальнік Нясвіжа, спыніў дзейнасць друкарні. Ёсць меркаванні, што апошнія аркушы Бібліі друкаваліся менавіта ў маёнтку Кавячынскіх ва Уздзе. Таму гэту Біблію цяпер некаторыя даследчыкі лічаць нясвіжска-ўздзенскай. На карысць гэтага сведчыць той факт, што браты Мацея Кавячынскага – Гектар і Альбрэхт, якія жылі ў той час ва Уздзе, пісалі прысвячэнне да гэтага выдання. У такім разе Уздзеншчыну можна лічыць адным з першых месц беларускага кнігадрукавання.

Пазней, у 1829-1830 гадах, ва Уздзе дзейнічала друкарня Э. Прэса. У ёй выдаліся кнігі для набажэнстваў. Сярод іх “Залаты алтарык” і “Набожныя песні”.

Пасля пераходу ў каталіцкую веру Кавячынскія наладзілі ў 1684 годзе ва Уздзе парафію, надзяліўшы яе фальваркам у Тычынках і землямі ў Забалацці і Сыманчыцах. Набажэнствы адпраўляліся ў малой капліцы, і Кавячынскі меў намер пабудаваць новы касцёл, але смерць не дала гэтаму жаданню здзейсніцца.

 

««                                »»

Hosted by uCoz