Час праўлення роду Завішаў

 

Наступным уладальнікам Узды стаў род Завішаў з гербам Лебедзь. У 1798 годзе Казімір Завіша, генерал рускіх войск, пабудаваў ва Уздзе вялікі драўляны касцёл у выглядзе крыжа з вялікай вежай. Будынак існуе і цяпер ў ім размешчаны Дом культуры.

Праваслаўная царква існавала ва Уздзе яшчэ ў XVI стагоддзі і мела назву святых Пятра і Паўла. У 1590 годзе Марына Корсакава наддала ёй 2,5 валокі зямлі. У 1840 годзе ўладальнік Узды Тадэвуш Завіша пабудаваў царкву мураваную. На той час налічвалася каля 4 тысяч парафіян праваслаўнай хрысціянскай веры.

Існавалі таксама яўрэйская сінагога і татарская мячэць.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Узда становіцца мястэчкам, цэнтрам воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні ў складзе Расійскай імперыі.

Уздзенская воласць уключала 26 вёсак, 7 засценкаў, 8 маёнткаў, 3 сялы, 10 фальваркаў, 24 урочышчы, 1 мястэчка. Воласць налічвала 845 сялянскіх дамоў з 4976 сялянамі мужчынскага полу на 11647 дзесяцінах зямлі. З канца XVIII і да сярэдзіны XIX стагоддзя Узда амаль не змянілася. У той час – гэта мястэчка сярэдніх памераў. Цэнтрам яго гаспадарчага жыцця была рыначная плошча, дзе туліліся невялікія крамы і дамы дробных гандляроў і рамеснікаў. Ад плошчы адыходзілі дзве вуліцы, адна вяла да дарогі на Магільна і далей на Нясвіж, другая цягнулася ўздоўж дарогі, якая вяла ад вёскі Валяр’яны праз Узду і далей да Негарэлага і Койданава. Асноўным заняткам жыхароў мястэчка быў гандль, гарбарная вытворчасць, нарыхтоўка і сплаў лесу, дробнае рамесніцтва.

Ва ўладальніка Узды К. Завіша ў пачатку XIX стагоддзя апрача фальваркаў мелася шэраг прадпрыемстваў. Працавалі бровар, папяровая фабрыка, жалезаапрацоўчы завод, дзе вырабляліся розныя сельскагаспадарчыя прылады для сваіх патрэб, а таксама на продаж сялянам – сашнікі, косы, сярпы, нажы і г.д.

У мястэчку Узда ў сярэдзіне XIX стагоддзя было 14 двароў прыгонных сялян, 3 з іх агароднікі і 2 - бабылі. Акрамя таго, у мястэчку жылі вольныя людзі: 102 яўрэйскія і 18 татарскіх двароў.

 

««                                »»

Hosted by uCoz