Перадрэвалюцыйны час

 

У перадрэвалюцыйны час Узда налічвала 250 двароў, сярод заняткаў пераважалі дробны гандаль і хатнія промыслы: ганчарны, выраб палазоў, саней, вазкоў, драбін, колаў, рымарскія вырабы са скуры, пашыў адзення і абутку. З вапнавага туфу рабілі вапну, быў наладжаны выраб цэглы.

У валасным цэнтры быў адкрыты шпіталь на 10 ложкаў, дзе працавалі ўрач і акушэрка, з 1890 года паявілася аптэка, 1894 годзе адкрылася паштова-тэлеграфнае аддзяленне, дзейнічалі спіртзавод, мукамольна-лесапільны завод, смалакурні і іншыя прадпрыемствы.

Пачатак XX стагоддзя вызначаўся актыўным рэвалюцыйным рабочым і сялянскім рухам. Не абмінулі гэтыя падзеі і мястэчка Узду. У 1905-1907 гадах Ігуменскі павет адносіўся да паветаў з найбольш актыўным сялянскім рухам. Тут адбылося 50 сялянскіх выступленняў. Рабочы рух быў слабейшы. 9 кастрычніка 1905 года ў мястэчку  Узда прайшла дэманстрацыя, у якой прынялі ўдзел рабочыя-рамеснікі, вучні народнага вучылішча, моладзь. Такая ж дэманстрацыя прайшла і ў вёсцы Лоша. У ёй прынялі ўдел жыхары навакольных вёсак. Жыхар Узды Адам Рэўтовіч распаўсюджваў лістоўкі і пракламацыі сярод сялян вёсак Кухцічы, Сямёнавічы і інш.

З перамогай Кастрычніцкай рэвалюцыі ў кароткі тэрмін была ўстаноўлена савецкая ўлада на Уздзеншчыне. У 1917 годзе створаны Уздзенскі местачковы Савет рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Але неўзабаве Уздзеншчыну акупіравалі нямецкія, а затым польскія войскі. За гады гаспадарання акупантаў тэрыторыя Уздзеншчыны поўнасцю разрабавана. Многіх прыхільнікаў савецкай улады забілі. Ад рук белапалякаў у 1919 годзе загінуў першы старшыня Уздзенскага валаснога Савета Фёдар Іванавіч Пекарэвіч. Яго імя цяпер носіць адна з вуліц горада Узда.

 

««                                »»

Hosted by uCoz