Паслярэвалюцыйны час

 

Пасля вызвалення жыхары мястэчка прыступілі да ўзнаўлення народнай гаспадаркі, будаўніцтва новага жыцця. У 1920 годзе на базе былых памешчыцкіх маёнткаў арганізаваны саўгасы “Уздзянка”, “Ануфрова”, “Над-Нёман”, “Кухцічы”. З 1922 года пачынаецца гісторыя стварэння Уздзенскага райпрамкамбіната, з гэтага  года пачаў працаваць лесазавод “закрэўшчына” (цяпер швейная фабрыка). У 1924 годзе створана невялікае прадпрыемства з ліку рамеснікаў-адзіночак, на ім працавала 18 чалавек на 6 швейных машынах. Вытворчы план складаў 2000 рублёў у год. Арганізатарам прадпрыемства быў Навум Нохімавіч Баскін. Перад вайной яно ператворана ў прамарцель “Кастрычнік”. У 1927 годзе ўведзена электрастанцыя ў Закрэўшчыне, і святло ўпершыню было пададзена ў дамы. У 1928 годзе пабудаваны цагельны завод, які выпускаў 300-400 тысяч у год.

З дапамогай моладзі будаваліся новыя памяшканні для школ. У дваццатыя гады адкрыліся беларуская, яўрэйская і польская школы. Пасля іх аб’ядналі ў адну сярэдню школу. З 1929 года пачалося масавае ўступленне сялян у калгасы, паявіўся і першы трактар. У мястэчку Узда арганізавалі калгас з назвай “Інтэрнацыянал”, у які уступіла 60 сем’яў – людзі чатырох начыянальнасцей: беларусы, татары, палякі і яўрэі. Першым старшынёй гэтага калгаса абралі Рэўтовіча Сцяпана Сямёнавіча.

У 1933 годзе ў пасёлку Мангалінова была створана машынна-трактарная станцыя, акрамя таго, дзейнічалі таксама Азёрская і Пагранічная МТС.

Ужо ў 1933 годзе ў раёне налічвалася 61 прамысловае прадпрыемства, большасць з іх размяшчаліся ва Уздзе. Па лініі прамкааперацыі працавала 729 рабочых. Дзейнічалі шавецкая арцель “Эканомія”, пашыўныя – “Кастрычнік”, “Перамога”, кандытарская- “Чырвоны кандытар”, гузічная – “Новы шлях”, лесахімічная – “Рэкорд”, вышывальная – “Радзіма”, вяровачная – “Чырвоны вяровачнік”, кавальская – “Уперад”, арцелі – “Уцільшчык” і “Транспартнік”. Прамысловасць у прадваенныя гады асвоіла вытворчасць цэменту, чарапіцы, шыферу, шчолачна-воцатнага паташу. Прадпрыемствы забяспечвалі індывідуальных забудоўшчыкаў многімі відамі будаўнічых матэрыялаў. Для патрэб насельніцтва была арганізована вытворчасць адзення, абутку, мэблі і іншых прадметаў шырокага ўжытку.

У 1939 годзе мястэчка Узда пераўтворана ў гарадскі пасёлак. У гэтым жа годзе праходзіў Усесаюзны перапіс насельніцтва, дзе, згодна з дадзенымі, ва Уздзе налічвалася 3,5 тысячы жыхароў.

 

««                                »»

Hosted by uCoz