Ваенны час

 

Мірную, стваральную працу людзей спыніла нападзенне фашысцкай Германіі на нашу краіну. З 28 чэрвеня 1941 года па 28 чэрвеня 1944 года раён акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі.

У ліпені 1941 года быў створаны Уздзенскі падпольн партком, які ўзначаліў С.П. Шыбко. Членамі парткома сталі Л. Р. Бальшоў, А.Ф. Рабы, М.Д. Тоўсты, П.Х. Шыбко. Дзейнасць парткома распаўсюджвалася на Узду, Каменскі, Цялякаўскі, Азёрскі, Магільнянскі, Прысынкаўскі і іншыя сельсаветы раёна. З удзелам членаў Уздзенскага парткома былі створаны падпольнапатрыятычныя групы ў вёсках Бярвішчы, Возера, Цялякава, Магільна, Нізок. Разам з мінскімі падпольшчыкамі яны стваралі партызанскі атрад, які ў 1942 годзе правёў Александроўскі бой супраць фашысцкіх карнікаў. У пачатку 1943 года запрацаваў і падпольны райком ЛКСМБ. Сакратарамі яго з’яўляліся І.Я. Жыгалковіч, М.П. Туміловіч. Выдавалася газета “За Савецкую Радзіму” – орган падпольнага райкома КП(б)Б.

У Вялікай Айчыннай вайне на франтах і ў партызанскіх атрадах змагалася больш за 300 жыхароў нашага горада. Большасць з іх праявілі мужнасць і гераізм у барацьбе з ворагам і ўдастоены высокіх урадавых узнагарод. Толькі ардэнамі ўзнагароджана 75 чалавек. Многія з уздзенцаў, абаронцаў нашай Радзімы, аддалі жыццё ў барацьбе з ворагам і не дажылі да светлага дня Перамогі, але памяць аб іх жыве і будзе жыць у сэрцах удзячных нашчадкаў.

Здавалася, што спатрэбяцца дзесяцігоддзі, каб на разбураную, параненую, палітую крывёю зямлю вярнулася жыццё. Але ў пасляваенны час, на працягу 1944-1950 гадоў, эканоміка была адноўлена.

Ужо ў 1944 годзе давалі прадукцыю хімлясгас, леспрамгас, спіртзавод, райпрамкамбінат, торфазавод, райхарчкамбінат, арцель імя Ракасоўскага. Былі адбудаваны і перабудаваны маслазавод, млын “Закрэўшчына”, механізаваны шавецкія і пашывачная арцелі. Ажылі электрастанцыі.

З кожным годам развівалася культура, эканоміка, расла і прыгажэла Узда.

 

««                                »»

Hosted by uCoz