Сёння

 

Агульная плошча раёна складае 1182,58 кв. км, на якой пражывае 17,5 тыс. чалавек насельніцтва ў сельскай мясцовасці  і 9,6 тыс. чалавек у горадзе. Колькасць населеных пунктаў раёна – 203.

Тут працуюць патрэбныя ўсім прадпрыемствы – завод бульбапрадуктаў, малочны і хлебзавод, фабрыкі жаночага абутку і швейная, камбінаты грамадскага харчавання і кааператыўнай прамысловасці, райаграпрамтэхніка, райсельгасхімія, мехустаноўка “Закрэўшчына”, хімлясгас, аўтапарк і іншыя прамысловыя арганізацыі. Развіваюцца малыя прадпрыемствы.

Цяпер у горадзе працуюць 3 сярэднія школы і санаторная школа-інтэрнат, 5 дзіцячых садкоў, 2 бібліятэкі, кінатэатр, Дом культуры, школа мастацтваў, краязнаўчы музей, Дом дзіцячай творчасці, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Працуе універмаг і шэраг магазінаў, міні рынак і рынак па выхадных днях.

Захаваліся з даўніх часоў у горадзе помнікі гісторыі і культуры. Як ужо упаміналася, гэта касцёл – помнік архітэктуры XVIII стагоддзя, царква – помнік архітэктуры XIX стагоддзя. На будынку гарадскога Савета ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар воінаў і партызан, загінуўшых у час вызвалення Узды ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ёсць помнік У.І. Леніну – стваральніку камуністычнай партыі і савецкай дзяржавы. Яшчэ адна славутасць – будынак пачатковага вучылішча, дзе вучыліся вядомыя беларускія пісьменнікі Паўлюк Трус, Кандрат Крапіва, Алесь Якімовіч.

Узда – радзіма многіх вядомых у Беларусі і за яе межамі вучоных, дзеячаў культуры і мастацтва, работнікаў розных галін народнай гаспадаркі.

Тут прайшлі дзіцячыя гады мастакоў А.Б. Александровіча, Ю.Ф. Пучынскага, М.В. Рагалевіча, У.Л. Кузняцова; навукоўцаў – доктара медыцынскіх навук Л.М. Бяляевай (Герасіменкка), доктара тэхнічных навук Я.І. Маруковіча, доктара матэматычных навук В.І. Берніка, доктара медыцынскіх навук М.Р. Марквадзе. Доўгі час жыў і працаваў ва Уздзе беларускі дзіцячы пісьменнік Д.Ф. Слаўковіч.

 

««                                .

Hosted by uCoz