Адным з такіх месцаў,  дзе пэўна адбываліся маленні язычнікаў (а магчыма і ранніх хрысціян), было месца, што ў ваколіцах Узды. Яно размешчана на левым беразе р. Уздзянка, прыкладна за 2 км на паўднёвы ўсход ад в. Бярвішчы, у хвойніку і вядома сярод мясцовага люду пад назвай “Царковішча”.

Паводле легенды запісанай у 1977г ад Сафіі Бурак, тут, на гэтым месцы, непадалёку ад Старых Бярвішчаў, стаяла царква. І аднойчы, калі ў храме адбывалася набажэнства, раздаўся моцны гром і царква разам з людьмі пайшла пад зямлю. З тае пары месца гэтае і завецца “Царковішча”. А калі прыкласці вуха да зямлі, дык можна пачуць як гудуць званы і енчаць людзі. Сёння гэта месца ўяўляе сабой пясчаную выспу, пасярэдзіне якой маецца кратэрападобная западзіна памерамі 46х62м. Бліжэй да cярэдзіны пляцоўкі да нядаўняга часу было вадзяное акно «чортава вока». Згодна паданню ў ім нікому не ўдавалася дастаць да дна.

Месцам гэтым у свой час цікаваўся доктар геолагамінеральных навук Э.А.Ляўкоў. Праводзіліся даследаванні і рабілі на ім шурфоўкі Л.У.Калядзінскі і Э.М.Зайкоўскі. У шурфе ж, закладзеным па сярэдзіне пляцоўкі, да глыбіні 80см ішоў торф, пры чым па меры паглыблення ён станавіўся ўсё больш і больш вільготны, утрымліваў рэшткі патанулых дрэў.

Паводле легенды ёсць  падставы бачыць тут  старажытнае капішча, якое магло функцыяніраваць як у дахрысціянскі час, так і пазней, у XI-XIII ст. На карысць гэтай думкі сведчыць і размешчаны непадалёку курганны могільнік, які належаў тагачаснаму насельніцтву…

 

««                                »»

Hosted by uCoz