У пасёлку Першамайск Сямёнавiцкага сельскага Савета Уздзенскага раёна Мiнскай вобласцi знаходзiцца помнiк архiтэктуры ХVI ст. — збудаваны з цэглы храм невялiкiх памераў. Заснаваны як кальвiнскi збор, ён быў пераабсталяваны ў ХVII ст. у каталiцкi касцёл. Служба ў iм вялася да 1917 г. На тэрыторыi пасёлка Першамайск знаходзяцца таксама рэшткi былой сядзiбы Кухцiчаў. Гэта быў цэнтр аднайменнага маёнтка, якi ўключаў шэраг вёсак i фальваркаў, сярод якiх i вёска Кухцiчы за 2 км ад сядзiбы. У Першамайску захаваўся парк, а з будынкаў сядзiбы — два флiгелi i некаторыя гаспадарчыя пабудовы.

Першыя дакументальныя звесткі пра Кухц
iчы адносяцца да 1567 г. i звязаны з iмёнамi яго першых уладальнiкаў. У “Попiсе войска Лiтоўскага” ў запiсе ад 1 верасня 1567 г. указваецца, што ўладальнiкам маёнтка Кухцiчы з’яўляецца намеснiк князёў Радзiвiлаў Мацей Кавячынскi (канец 1520-х—1572). Гэты маёнтак ён купiў у пана Яна Глябовiча1. Пра iснаванне збору згадкi няма. Гiсторык В.Грыцкевiч указваў на 1582 г. як на самае ранняе ўпамiнанне пра Кухцiчы2. У далейшым гiсторыя збору звязана з уладальнiкамi Кухцiчаў — прадстаўнiкамi роду Кавячынскiх, а потым Завiшаў.

Першыя, знойдзеныя нам
i дакументальныя матэрыялы пра Кухцiцкi збор адносяцца да 1626 г. Аляксандр Ельскi пiша ў “Геаграфiчным слоўнiку Каралеўства Польскага i iншых славянскiх краёў”, што збор “быў заснаваны ў ХVI ст. дысiдэнцкай сям’ёй Кавячынскiх”. У кнiзе “Нашы касцёлы” таксама гаворыцца, што ў канцы ХVI ст. у Кухцiчах быў кальвiнскi збор, заснаваны Кавячынскiмi3. З гэтымi сцвярджэннямi трэба пагадзiцца па наступных прычынах.

Вядома, што Рэфармацыя ў Вял
iкiм княстве Лiтоўскiм пачалася ў сярэдзiне ХVI ст. i мела найбольшыя поспехi пры князю Мiкалаю Радзiвiле Чорным (1515—1565), галоўным апекуне кальвiнiзму ў ВКЛ. Мацей Кавячынскi, сын Вацлава Кавячынскага i Марушы з роду Зэбоўскiх, быў намеснiкам Радзiвiлаў у Нясвiжы, i вельмi верагодна, што збор быў пабудаваны пры яго жыццi, г. зн. да 1572 г. Не выключана, што збор мог быць пабудаваны i раней, пры Глябовiчах, бо яны ў гэты перыяд таксама былi пратэстантамi4. Так што найбольш верагодная дата будаўнiцтва Кухцiцкага збору — сярэдзiна ХVI ст.

Больш ранн
iя дакументы пра Кухцiцкi збор не захавалiся, хоць кожны кальвiнскi збор у Беларусi меў уласны архiў. Дакументы збораў збiралiся ў архiвы кальвiнскiх дыстрыктаў, а тыя ў сваю чаргу — у архiў евангелiчна-рэфарматарскага сiнода ў Вiльнi5. Аднак Вiленскi збор i архiў у 1591, 1611, 1639, 1682 гг. падверглiся пагромам з боку каталiцкiх фанатыкаў. Асаблiва знiшчальным быў пагром 1611 г., калi былi спалены архiў з усiмi дакументамi i бiблiятэка з унiкальнымi старадрукамi6. Вiдаць, у 1611 г. згарэлi i ўсе раннiя дакументы, якiя тычылiся i Кухцiцкага збору. Вацлаў Гiзберт-Студнiцкi называе толькi 3 дакументы пра Кухцiцкi збор, якія датуюцца 1627—1633 гг.7. Намi знойдзены кароткi ўпамiн пра Кухцiцкi збор, якi адносiцца да 1626 г.8.

Уладальнiкi Кухцiчаў Кавячынскiя (Kaweczynscy, Kawieczynscy) пакiнулi яскравы след у гiсторыi i культуры Беларусi. Гэты старажытны польскi род герба “Ostoja” (“Апора”) упершыню згадваецца ў летапiсах ХV ст. Прозвiшча паходзiць ад першага родавага маёнтка ў Польшчы — Кавечын (Kaweczyn, Kawecin) у Свецкiм павеце (горад Swiecie) у нiжнiм цячэннi р. Вiслы9. У ХVI ст. яшчэ да Люблiнскай унii 1569 г. некаторыя Кавячынскiя перасялiлiся ў ВКЛ i атрымалi тут маёнткi.

У другой палове ХVI ст. саўладальнiкам мястэчка Узда i ўладальнiкам Кухцiчаў быў Мацей Кавячынскi, якi ўвайшоў у гiсторыю як адзiн з першых кнiгавыдаўцоў у Беларусi. Ён скончыў Вiтэнбергскi унiверсiтэт у Германii, дзе, верагодна, i далучыўся да пратэстантызму ў форме кальвiнiзму10. У 1561—1562 гг. ён заснаваў друкарню ў Нясвiжы, дзе разам з вядомым дзеячам беларускай Рэфармацыi Сымонам Будным i шляхцiцам Лаўрэнцiем Крышкоўскiм друкаваў на польскай i старабеларускай мовах пратэстанцкiя кнiгi — усяго больш за 10. Сярод iх былi дзве вядомыя кнiгi С.Буднага — “Катэхiзiс” i “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам”, працы польскiх рэфарматараў Гжэгаша Паўла i Марцiна Чаховiча. Князь Мiкалай Крыштоф Радзiвiл Сiротка, якi перайшоў у каталiцкую веру, у 1571 г. загадаў закрыць друкарню як ерэтычную. У гэты час закончылася праца над знакамiтай Нясвiжскай Бiблiяй, якую так i не ўдалося дадрукаваць у Нясвiжы. Гэта кнiга выйшла ў свет у 1572 г. Друкарня ж была перанесена з Нясвiжа ў Заслаўе або ва Узду. Не выключана, што Бiблiю маглi дадрукаваць i ў Кухцiчах, бо Узда i Кухцiчы згадваюцца ў ХVI ст. разам (Кухцiчы – як частка уздзенскага маёнтка). Пасля 1572 г. друкарню купiў Ян Кiшка i перанёс яе ў замак у Лоск11.

Упершыню звесткi пра збор у Кухцiчах зафiксаваны ў 1626 г. у “Актах правiнцыяльных Лiтоўскiх сiнодаў”, дзе адзначана, што ў Кухцiцкi збор накiраваны кальвiнскi пастар. У алфавiтным паказчыку ўсiх збораў евангелiчна-рэфарматарскага сiнода ВКЛ за 1611—1663 гг. таксама ўказаны 1626 год як дата самага ранняга дакумента пра збор у Кухцiчах. Усе зборы евангелiчна-рэфарматарскай царквы ВКЛ падзялялiся на акругi—дыстрыкты. Кухцiцкi збор уваходзiў у т. зв. дыстрыкт Рускi, якi пазней быў названы дыстрыктам Беларускiм, або Мiнскiм. У 1627 г. збор быў перададзены ў Навагрудскi дыстрыкт, але ненадоўга. Затым ён быў вернуты ў Беларускi дыстрыкт12.

Закрыццё Кухцiцкага збору звязана з далейшай гiсторыяй роду Кавячынскiх. Пасля смерцi Мацея ўладальнiкамi Кухцiчаў сталi яго браты Гектар i Альбрэхт. У 1575 г. Гектар стаў старастам Алыкскiм на Валынi. У дакуменце ад 4 снежня 1582 г. гаворыцца толькi пра аднаго ўладальнiка Кухцiчаў — Альбрэхта, якi здаваў маёнтак у арэнду Андрэю Масленку. У Мацея былi сыны — Ян i Энох. Пра першага толькi вядома, што ён у 1618 г. разам са сваяком, Фелiксам Кавячынскiм, сынам Станiслава, уладальнiкам Кавечына, пацвярджаў шляхецтва iх агульнага сваяка — Крыштофа Арцiшэўскага13. Верагодна, Ян вярнуўся ў Польшчу, а Кухцiчы атрымаў у спадчыну пасля Альбрэхта другi прамы нашчадак Мацея — Энох.

Ц
iкава адзначыць, што ў двух польскiх даведнiках – “Гербоўнiку польскім” i “Геаграфiчным слоўнiку” — указана, што ў Мацея быў толькi адзiн сын — Ян, а Энох у гербоўнiку ўказаны як сын Станiслава. Гэта памылковае сцвярджэнне, бо Энох Кавячынскi, уладальнiк Кухцiчаў i саўладальнiк Узды, у “Актах Мiнскага гродскага суда 1582–1590 гг.” не раз называецца па-старабеларуску — “Энох Матеевич Кавечынский”. Гэтыя дакументы – шматлiкiя сустрэчныя скаргi Эноха Кавячынскага i земскага пiсара Стафана Гладкага пра самавольствы паноў i крыўды, нанесеныя слугам. Усе справы датаваны студзенем 1590 г. У дакументах гаворыцца, што Кухцiчамi валодалi толькi Кавячынскiя, а Узда была маёнткам “спольным”, г. зн. агульным Кавячынскiх, С.Гладкага, Корсакаў, Есiфа Пратасовiча14.

Сын Эноха, Аляксандр, падкаморый вiлькамiрскi, памёр у 1633 г. у Вiльнi15. Уладальнiкам Кухцiчаў пасля Эноха стаў яго другi сын, Крыштоф, якi перайшоў у каталiцызм i пераабсталяваў збор у каталiцкi храм.

У лiтаратуры i дакументах пра час пераабсталявання храма iснуюць дзве версii. Г.Мерчынг указвае, што ў другой палове ХVII ст. Кавячынскiя перайшлi ў каталiцызм, i збор быў закрыты ў 1684 г.16. Аднак гэты аўтар спасылаецца ў сваю чаргу на “Геаграфiчны слоўнiк”, у якiм пра дату закрыцця сказана iнакш: “Калi потым гэтая сям’я вярнулася ў каталiцызм, Крыштоф Кавячынскi перарабiў Кухцiцкi збор на каталiцкую каплiцу i акрамя таго ў 1684 г. заснаваў ва Уздзе парафiю”17. Паводле гэтага сцвярджэння, збор зменены на каплiцу ў 1684 г. цi раней, бо пераабсталяванне збору i ўсталяванне парафii маглi адбыцца не адначасова. З тых часоў да 1917 г. каплiца функцыянiравала. Ва ўсiх кнiгах, выдадзеных пазней “Геаграфiчнага слоўнiка”, няма i гэтай даты, сказана толькi, што збор не знаходзiўся ў руках кальвiнiстаў ужо ў пачатку ХVIII ст. У рабоце Ю.Лукашэвiча, якая выйшла раней, прыводзiцца тая ж дата закрыцця збору — 1684 г.18. Архiўныя дакументы ўказваюць iншую дату пераабсталявання Кухцiцкага збору — 1648 г. Так, у iнвентары парафiяльнага рымска-каталiцкага касцёла ва Уздзе ў 1818 г. напiсана: “Да гэтага касцёла Уздзенскага (адносiцца) мураваная каплiца пры Кухцiцкай сядзiбе, а ў старажытнасцi яна была кальвiнскiм зборам; але Кавячынскi ў 1648 годзе як вотчыннiк i фундатар асвяцiў яе як рымскi касцёл, перадаў пад начала Уздзенскага плябана i пацвердзiў дакументам”19.

У iнвентары Уздзенскага касцёла за 1804 г. пра час пераабсталявання збору ў Кухцiчах не сказана, але прыведзена дата пабудовы самога касцёла Крыштофам Кавячынскiм — 1648 г.20. Згодна гэтым двум дакументам пачатку ХIХ ст., заснаванне Уздзенскага парафiяльнага касцёла i пераабсталяванне Кухцiцкага збору ў фiлiяльную каплiцу Уздзенскага касцёла адбылося адначасова ў 1648 г.

Пра тое, якая дата больш дакладная, можна меркаваць па наступнай падзе
i з жыцця Кавячынскiх у ХVII ст. У дакументах — актах сiнодаў евангелiчна-рэфарматарскай царквы ВКЛ — гаворыцца, што падкаморый мiнскi Энох Кавячынскi са сваiмi сынамi, Аляксандрам i Крыштофам, здзейснiў небывалую “прафанацыю” Мiнскага збору ў 1623 г.21. Што сабой уяўляла яна — канкрэтна не сказана, але, вiдаць, гэта было рабаванне цi апаганенне збору. Кавячынскiя прызналi сваю вiну i загладзiлi яе. Але гэты факт яскрава сведчыць, што цiкавасць Кавячынскiх да кальвiнiзму паменшылася. Адсюль было недалёка i да пераходу ў каталiцызм.
Так
iм чынам, дата пераабсталявання Кухцiцкага збору ў каплiцу ў 1648 г. з’яўляецца значна больш верагоднай, бо блiжэй па часе да эксцэсу 1623 г. А дата 1684 г. склалася, магчыма, з памылкова перастаўленых дзвюх апошнiх лiчбаў. Тым больш што дата 1648 г. стаiць у больш раннiм дакуменце, чым “Геаграфiчны слоўнiк”.

Крыштоф — падкаморый м
iнскi — быў, верагодна, апошнiм уладальнiкам Кухцiчаў з роду Кавячынскiх. Апошняе дакументальнае сведчанне пра яго адносiцца да 1651 г., калі ён згадваецца ў тастаменце яго цешчы — падкаморыны вiленскай Барбары Шэметавай з роду Агiнскiх22.

Пасля Кавячынскiх Кухцiчамi валодала княгiня Барбара Горская. У 1690 г. ад яе маёнтак перайшоў да Апалонii Завiшы з роду Кiршанштэйн-Крышпiнаў, удавы старосты браслаўскага Яна Ежы Завiшы. З гэтага часу да 1917 г. Кухцiчы належалi роду Завiшаў герба “Лебедзь”. Пазней Завiшы параднiлiся з Кежгайламi (Кезгайламi) i поўнасцю прозвiшча пачало гучаць як Кежгайлы-Завiшы (Кезгайлы-Завiшы)23.

Найбольш вядомымi прадстаўнiкамi гэтага роду былi Ян Завiша, дваранiн гаспадарскi караля Казiмiра Ягелончыка, i генерал Аляксандр Казiмiр Крыштоф Завiша, уладальнiк Кухцiчаў, якi жыў у другой палове ХVIII—пачатку ХIХ стст. (самы раннi дакумент, у якiм гаворыцца пра яго як уладальнiка Кухцiчаў датуецца 1790 г.)24. Ён быў два разы жанаты — першы раз з Ганнай Лiпскай, а другi з Юзэфай Бжэскай. Сын ад першага шлюбу, Тадэвуш, памёр у маладым узросце, i спадчыннiцай маёнтка стала дачка ад другога шлюбу, Валерыя, якая выйшла замуж за стрыечнага брата — Тадэвуша Завiшу, якi памёр у 1838 г. Iх сын Ян Казiмiр (Iван) (1820–1887) быў апошнi прадстаўнiк роду Завiшаў па мужчынскай лiнii25. Ён валодаў маёнткамi ў Беларусi i Польшчы, быў жанаты з Марыяй Квiлецкай. Спадчыннiцай Кухцiчаў стала яго дачка Магдалена (1861—1945), якая ў 1882 г. выйшла замуж за графа Людвiка Красiнскага (1833—1895). Пасля яго смерцi яна выйшла замуж за князя Мiкалая Радзiвiла (1880—1914), якi загiнуў у першую сусветную вайну падчас Усходне-Прускай аперацыi26.

Магдалена Радзiвiл падтрымлiвала нацыянальны беларускi рух. З яе iмем звязана выданне адзiнага прыжыццёвага зборнiка вершаў Максiма Багдановiча “Вянок”. Менавiта да яе звярнулiся выдаўцы па фiнансавую дапамогу пры падрыхтоўцы гэтага зборнiка да друку. Грошы, якiх не хапала, былi адразу атрыманы. У знак удзячнасцi выдаўцы змясцiлi на тытульнай старонцы “Вянка” родавы герб Завiшаў “Лебедзь”27. Пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыi 1917 г. Магдалена Iванаўна Радзiвiл выехала за мяжу.

Кухц
iцкi храм быў пахавальняй уладальнікаў маёнтка i фiлiяльнай каплiцай Уздзенскага парафiяльнага касцёла Мiнскага дэканата, што зафiксавана ў рэестры касцёлаў Вiленскай дыяцэзii ў 1744 г.28. Уся маёмасць храма перайшла ў распараджэнне ўладальнiкаў Кухцiчаў. Пра гэта сведчыць iнвентар Уздзенскага касцёла за 1818 г., таму ў вiзiтацыях касцёлаў каплiца ў Кухцiчах згадваецца вельмi рэдка. У пачатку 1780-х гг. пры гаспадару М.Завiшу каплiцу перабудоўваў у стылi класiцызму iтальянскi архiтэктар Карла Спампанi (1750—1783)29.

Росквiт Кухцiчаў прыпадае на пачатак ХIХ ст., калi iмi валодаў А.К.К.Завiша. Спачатку сюды прыязджала шмат гасцей, у тым лiку мiнскi губернатар З.Э.Карнееў (1796—1806 гг.). А.К.К.Завiша пабудаваў палац, ад якога цяпер захавалiся толькi два флiгелi. Пра гэты перыяд гiсторыi Кухцiчаў успамiнае ў сваiх мемуарах польская пiсьменнiца Ева Фялiнска30. У 1881 г. Ян Казiмiр (Iван) Завiша пабудаваў на р. Уса сукнавальную фабрыку. У пачатку ХХ ст. маёнтак быў высокаразвiтой гаспадаркай. Так, у 1909 г. па хадайнiцтву Роберта Бружона, паверанага княгiнi Магдалены Радзiвiл, была пашырана тэлефонная сетка31.

Апошняя буйная падзея ў гiсторыi Кухцiцкага храма — адпяванне i пахаванне ў склепе храма Мiкалая Радзiвiла ў пачатку першай сусветнай вайны. Везлi князя са станцыi Негарэлае, цырымонiя была вельмi ўрачыстая. Адразу ж пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыi 1917 г. каплiца была закрыта, i ў такiм выглядзе яна прастаяла да 1938 г. На базе маёнтка быў створаны саўгас “Кухцiчы”, а ў 1938 г. арганiзавана МТС “Пагранiчнiк”. Тады для патрэб МТС была неабходна электраэнергiя, i ў будынку каплiцы была абсталявана падстан цыя — пастаўлены малы рухавiк, якi працаваў на мазуце.

Паводле слоў жыхароў пасёлка Першамайск С.
I.Бурло, М.А.Барэйшы i К.I.Караля, пры абсталяваннi памяшкання для падстанцыi была знойдзена труна з целам князя Мiкалая Радзiвiла. Труна была разрабавана пры ўскрыццi, але, вiдаць, яе рабавалi i раней (хадзiлi чуткi, што там была залатая шабля). Астанкі князя былi там так i пакiнуты i зацэментаваны. Пры ўстаноўцы рухавiка быў таксама заменены дах. Раней ён быў з гонтаў, i на iм узвышаўся купал, пакрыты бляхай. Купал быў зняты, i ўвесь дах перабудаваны ў выглядзе шатра з гонтаў. З часам дах моцна спарухнеў. Але iстотным перабудовам, акрамя нязначных (напрыклад, быў замураваны ўваход у правую вежу), храм больш не падвяргаўся. У 1968—1970-я гг. падстанцыя была перанесена.

У 1958 г. МТС “Пагранiчнiк” была лiквiдавана, i цяпер тут размешчана ПТВ механiзацыi сельскай гаспадаркi. У канцы 1990-х гг. каплiца была накрыта новым руберойдным дахам, але пакуль што яна нiяк не выкарыстоўваецца.

Тэма захавання
i рэстаўрацыi Кухцiцкага збору вельмi актуальная для культурнай спадчыны Беларусi i не раз уздымалася ў друку. У 9-м нумары часопiса “Мастацтва” за 2002 г. змешчаны артыкул В.Курачкiна “Цэнтр гуманiтарных iнiцыятыў: пакланiцца i рабiць”, дзе гаворыцца пры гэты унiкальны помнiк. На жаль, у артыкуле не згадваецца, што аўтар карыстаўся звесткамi з эскiзнага рэстаўрацыйнага праекта па Кухцiцкаму збору, якi быў выкананы ў 1990 г. у Беларускiм рэстаўрацыйна-праектным iнстытуце (аўтары праекта Ю.Бажэнаў i У.Пярвышын). Аднак нiякай рэстаўрацыi пакуль што не праведзена.

 

 

1 Русская историческая библиотека, издаваемая Императорскою археологическою комиссиею. Т. 33. Литовская метрика. Отдел первый. Часть третья: Книги публичных дел. Переписи войска Литовского. Пг., 1915. С. 1222.
2
Грыцкевiч В. Уздзеншчына // Беларусь. 1959. № 8. С. 20.
3
Бiблiятэка АН Лiтвы ў г. Вiльнюсе. Аддзел рукапiсаў. Ф. 40, спр. 1157. С. 146; Slownik Geograficzny Krolewstwa Polskiego i innych Krajow slowianskich. T. XII. W-wa, 1892. S. 867; Nasze Koscioly: Dycezja Minska. W-wa, 1912. S. 200.
4 Lukaszewicz J. Dzieje Kosciolow wyznania Helwieckiego. T. 1. Poznan, 1842. S. 17.
5 Gizbert-Studnicki W. Rys historyczny Archiwum Biblioteki synodu ewangelicko-reformowanego w Wilnie. Wilno, 1926. S. 6.
6 Hulka-Laskowski P. Wilenski Kosciol Ewangelicko-Reformowany na tle Reformacji i Kultury Polskiej (1556–1936). Wilno, 1936. S. 24.
7 Gizbert-Studnicki W. Rys historyczny Archiwum Biblioteki synodu ewangelicko-reformowanego w Wilnie. S. 6, 10.
8
Бiблiятэка АН Лiтвы. Ф. 40, спр. 1157, арк. 148.
9 Boniecki A. Herbarz Polski. T. IX. Cz. I. W-wa, 1906. S. 349; Slownik Georgraficzny. T. III. W-wa, 1882. S. 914.
10 Polski Slownik Biograficzny (
далей – PSB). Т. ХII. S. 250.
11 Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы ХVI–нач. ХVII вв. Мн., 1970. С. 56–57.
12 Lukaszewicz J. Dzieje Kosciolow wyznania Helwieckiego.
Т. 1. S. 32; Бiблiятэка АН Лiтвы. Ф. 40, спр. 1157, арк. 148; спр. 833, арк. 2; спр. 1157, арк. 154; Merczyng H. Zbory i senatorowie protestanscy w Dawnej Rzeczy Pospolitej. W-wa, 1904. S. 90.
13
Грыцкевiч В. Уздзеншчына. С. 20; Boniecki A. Herbarz Polski. T. IX. Cz. I. S. 349; Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. Т. ХХХVI. Акты Минского гродского суда 1582–1590. Вильна, 1912. С. 346.
14 Boniecki A. Herbarz Polski.
T. IX. Cz. I. S. 349; Slownik Georgraficzny. Т. III. S. 914; PSB. T. XII/1, z. 52. S. 250; Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. Т. XXXVI. C. 364, 365–366, 410.
15 Boniecki A. Herbarz Polski. T. IX. Cz. I. S. 349.
16 Merczyng H. Zbory i senatorowie protestanscy w Dawnej Rzeczy Pospolitej. S. 90.
17 Slownik Georgraficzny. T. XII. S. 867.
18 Lukaszewicz J. Dzieje Kosciolow wyznania Helwieckiego.
Т. 2. Poznan, 1843. S. 43.
19
НГАБ. Ф. 1781, воп. 27, спр. 328, арк. 59-59 адв.
20 Там жа. Спр. 278, арк. 89.
21 Akta synodow prowincjalnych Jednoty Litewskiej 1611–1625. Wilno, 1915. S. 85.
22
Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. Т. ХII. Вильна, 1883. С. 549.
23 Aftanazy R. Materialy do Dziejow rezydencji. T. 1A. W-wa, 1986. S. 221;
Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi. У 6-і т. Т. 3. Мн., 1996. С. 393–394.
24
НГАБ. Ф. 649, воп. 7, спр. 978.
25
Беларуская Энцыклапедыя. Т. 6. Мн., 1998. С. 493.
26 PSB.
Т. ХХХ/3, z. 128. S. 398–399.
27
Ластоўскi В. Мае ўспамiны аб М.Багдановiчу // На суд гiсторыi. Мн., 1994. С. 30.
28 Kurczewski J. Biskupstwo Wilenskie. Wilno, 1912. S. 181.
29
НГАБ. Ф. 1781, воп. 27, спр. 328, арк. 59 адв.; Loza S. Architekci i Budowniczowie w Polsce. W-wa, 1954. S. 287.
30 Felinska E. Pamietniki z zycia Ewy Felinskiej. T. 2. Wilno, 1856. S. 377.
31
НГАБ. Ф. 299, воп. 5, спр. 550, арк. 1–3; спр. 1862, арк. 1.

 

««                                .

Hosted by uCoz